• РайисполкомРайисполком
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • Площадь городаПлощадь города
  • Улицы городаУлицы города
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
  • Улицы городаУлицы города
Главная -  Новости -  Новости района

Узнагарода знайшла героя

17.03.2017

Міністэрствам абароны Расійскай Федэрацыі быў распрацаваны праект “Памяць народа” па ўвекавечанні памяці загінулых пры абароне Айчыны, які ўяўляе сабой сайт pamyat-naroda.ru, дзе змешчаны дакументы Другой сусветнай вайны.

Упершыню пасля перамогі было пераведзена ў лічбавы фармат і выкладзена ў інтэрнэт 425 тысяч архіўных дакументаў франтоў, армій і іншых злучэнняў Чырвонай Арміі. Гэта арыгінальныя дакументы пра ход баявых дзеянняў, загады, даклады камандуючых, аператыўныя апісанні баявога становішча.

Вывучэнне гэтых дакументаў, а таксама геаграфічная прывязка ўсіх дадзеных пра месцы нараджэння, прызыву, гібелі і апошняе месца службы салдат і афіцэраў дазваляюць аднавіць гераічны шлях удзельнікаў вайны – ад прызыву да вяртання дадому.

Прасцей кажучы, сёння ў кожнага карыстальніка інтэрнэту ёсць магчымасць атрымаць найбольш поўную інфармацыю пра ўдзельнікаў вайны. Дастаткова ўвесці прозвішча, імя, імя па бацьку і год нараджэння чалавека ў пошукавы радок сайта. І на сайце вам выдадуць усю інфармацыю, якую маюць. Таксама ёсць фармат зваротнай сувязі праз пошту.

Такой магчымасцю скарыстаўся ўнук аднаго з ветэранаў нашага раёна. І не пралічыўся. Праз столькі гадоў медалём “За адвагу” ўзнагародзілі чырвонаармейца 369-га стралковага палка Вячаслава Рэвута, у мінулым камандзіра зенітнага палка 1-ай гвардыімеханізаванай арміі.
Выказаць словы падзякі за перамогу, уручыць медаль і кветкі прыехалі ў мінулы аўторак старшы памочнік ваеннага аташэ пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Сяргей Афанасьеў, ваенны камісар Петрыкаўскага раёна Аляксандр Адамоўскі, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Мікалай Жукоўскі, старшыня раённай арганізацыі саюза афіцэраў Фёдар Жукавец.

Раней Вячаслаў Дзям’янавіч быў узнагароджаны медалём “За перамогу над Германіяй”, ордэнам Айчыннай вайны II ступені. У баях быў цяжка паранены, раны не прайшлі бясследна, адбіліся на здароўі. Але што сапраўды не закранула – вера ў сябе і свае сілы. Пазітыву і баявому настрою 91-гадоваму ветэрану пазайздросціць кожны.
Сёння герой Вялікай Айчыннай вайны пражывае разам з жонкай, з якой вырасціў траіх дзяцей, у родным Барычаве.

Мы ж віншуем ветэрана з узнагародай і жадаем моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту!
“Петрыкаўскія навіны”