• Площадь городаПлощадь города
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • РайисполкомРайисполком
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
Главная -  Новости -  Новости района

У Ляскавічах працуе падворак Дзеда Мароза

26.12.2018

На Захадзе ад Ляскавічаў Петрыкаўскага раёна размясціўся падворак Дзеда Мароза. Месца, дзе ажыццяўляюцца неверагодныя цуды. Першым тут сустракае гасцей экскурсавод. Яна распавядае пра старадаўнія абрады і звычаі нашых продкаў, якія пасяліліся на гэтай тэрыторыі шмат стагоддзяў таму. Далей яна вядзе гасцей да доміка Чараўніка – язычніцкага жраца, які ўмее заклінаць стыхіі, лячыць словам і прадказваць. Усе, каго цікавіць будучыня, могуць даведацца ў яго пра самае патаемнае. А тыя, хто любіць захоўваць свае таямніцы і загадваць жаданні, – запрашаюць на старадаўняе культавае месца – капішча, дзе адпачываюць багі. Бялун – адзін з вярхоўных добрых багоў старажытных славянскіх народаў, бог поспеху і шчасця, Пярун – славянскі бог Грома і Справядлівасці і Геліёс – бог багацця і магіі. Сімвалам таго, што жаданне здзейсніцца, служыць стужачка, якую павязваюць на галіны дрэў госці. Пра што вы марыце – абавязкова здзейсніцца.

Крыху на поўнач, прайшоўшы ўглыб, вы сустрэнеце галоўных персанажаў Дзеда Мароза і Снягурку. З гэтага моманту пачынаецца казка. Карагоды каля ёлкі, песні і пляскі каля вялікага вогнішча, фатаграфаванне, смачная ежа і падарункі.

– Знаёмства з Нацыянальным паркам пачынаецца з наведвання “Музея Прыроды”, дзе можна пазнаёміцца з побытам і традыцыямі палешукоў, даведацца шмат новага пра гісторыю Беларускага Палесся, – распавяла намеснік генеральнага дырэктара па ідэалогіі Вольга Прыходзька. – Вы ўбачыце розныя тэматычныя экспазіцыі, пазнаёміцеся з разнастайнасцю жывёл і птушак парку.

На падворку зробіце экскурс у гістарычнае мінулае гэтых мясцін, паўдзельнічаеце ў старажытным славянскім абрадзе загадвання жаданняў, трапіце ў краіну навагодняга настрою і падарункаў, наведаеце пляцоўку з незвычайна прыгожай навагодняй ёлкай, дзе кожны жадаючы зможа павадзіць карагод, праспяваць навагоднюю песню і атрымаць салодкі прыз, набыць памятныя падарункі ў сувенірнай краме. Гэтак жа на тэрыторыі маёнтка Дзеда Мароза ёсць “Карчма”, дзе можна паспрабаваць вытанчаныя стравы і гарачыя напоі, самастойна пасмажыць сала на вогнішчы і запекчы бульбу ў вуглях.

Падворак ужо наведала больш за сто чалавек. У нядзелю плануецца яшчэ адна шматлікая экскурсія. Пакуль мы толькі пачынаем. Наша мэта – каб кожны беларус завітаў у госці. Маёнтак працаваць будзе не толькі ўзімку. Летам таксама плануем цікавую праграму. Дамовіцца пра экскурсію лепш загадзя ў адміністрацыйным будынку “Нацыянальнага парку” ці па тэлефоне +375 2350 57017. Кошт білетаў для дзяцей – 6 рублёў, для дарослых – 8 рублёў.

Дарэчы, Белавежская пушча ў гэтым годзе адзначае 15-годдзе. Мы пажадаем арганізатарам мясцовых цудаў трымаць такую ж высокую планку. Да новых сустрэч на падворку Дзеда Мароза!


Наталля ЧАРНЯЎСКАЯ,

Фота аўтара.