• РайисполкомРайисполком
  • Улицы городаУлицы города
  • Улицы городаУлицы города
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
  • Площадь городаПлощадь города
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
Главная -  Новости -  Новости района

Сямі футаў пад кілем, “Белая Русь”

05.05.2017

Напэўна, многія інтэрнэт-серферы, гартаючы старонкі інтэрнэту, чыталі навіну пра тое, што з Брэста ў Мазыр па Днепра-Бугскім канале і Прыпяці адправіўся першы ў Беларусі круізны цеплаход “Белая Русь”. Хтосьці ўспрыняў праект песімістычна, а нехта наадварот назваў яго амбіцыёзным, шчыра парадаваўшыся развіццю, як чакаецца, турыстычнага патэнцыялу краіны, тым больш, што ў якасці асноўнай воднай артэрыі была абрана родная Прыпяць.

У час апошняй падрыхтоўкі да тэставага рэйсу каманда карабля не толькі настроіла і праверыла абсталяванне, але і наведала пункты прыпынку на маршруце, азнаёміўшыся з культурнай праграмай круізу.
Мы сустракалі цеплаход 29 красавіка на беразе ракі ў Навасёлках (дарэчы, да гэтай падзеі працаўнікі Днепра-Бугскага канала прывезлі спецыяльны прычал), дзе згодна з маршрутам госці будуць наведваць Дом-музей Дзеда Талаша. Пакуль рачнікі слухалі аповеды работнікаў музея, мы прагуляліся па палубах лайнера.

На верхняй палубе размясціўся рэстаран, дзе турысты будуць харчавацца ў час падарожжа. Сярэдняя палуба ўтрымлівае дзве каюты класа “люкс” і каюты класа “камфорт”. Ніжняя палуба аддадзена пад каюты “эканом-класа”. Апартаменты могуць пахваліцца наяўнасцю сістэмы вентыляцыі халоднага і цёплага паветра, сейфам, халадзільнікам, тэлевізарам. На караблі прадугледжаны Wi-Fi, машына для чысткі абутку, за дадатковую плату аказваюцца паслугі па мыцці і прасаванні. Дарэчы, абслугоўванне на борце працуе па сістэме “ўсё ўключана”, куды ўваходзіць чатырохразовае харчаванне, напоі і алкаголь мясцовай вытворчасці.

Працягласць круізу – восем дзён, у час якіх цеплаход зробіць дзесяць прыпынкаў у найцікавейшых для турыстаў населеных пунктах Палесся. На Петрыкаўшчыне “Белая Русь” прыпыніцца ў Ляскавічах і Навасёлках. Кошт круізу “эканом-класам” складзе каля 700 рублёў, “люкс” абыдзецца турысту каля 4600 рублёў. Мяркуючы па заказаных месцах на цеплаход у інтэрнэце, большая частка квіткоў на гэты сезон ужо прададзена ці забраніравана.

Нам застаецца пажадаць першаму ў Беларусі круізнаму цеплаходу і яго камандзе сямі футаў пад кілем, пабольш зацікаўленых вандроўнікаў і сонечнага турыстычнага надвор’я.

“Петрыкаўскія навіны”