• Улицы городаУлицы города
  • Площадь городаПлощадь города
  • РайисполкомРайисполком
  • Улицы городаУлицы города
  • Памятник Н.П.ЧалогоПамятник Н.П.Чалого
  • Агрогородок ЛясковичиАгрогородок Лясковичи
Главная -  Новости -  Новости района

Каманда маладосці нашай

15.05.2017

У Гомелі напрыканцы мінулага тыдня адбылася другая абласная спартакіяда сярод ветэранаў фізкультуры і спорту, прысвечаная 72-й гадавіне Перамогі. Арганізатары ўлічылі леташнія прапановы і размеркавалі спаборніцтвы на два дні.
Спартакіяда першым чынам прадугледжвала мэты арганізацыі актыўнага адпачынку сярод ветэранаў спорту і абмен вопытам па правядзенні такой работы. У праграму яе ўвайшлі спаборніцтвы па шасці відах спорту: шахматах, шашках, настольным тэнісе, дартсе, більярдзе і летнім мнагаборстве “Здароўе”, што аб’ядноўвала стральбу з пнеўматычнай вінтоўкі, бег на кароткія і доўгія дыстанцыі, сілавую гімнастыку, скачок у даўжыню з месца і плаванне на 50 метраў.

На ўрачыстасці адкрыцця спартакіяды прысутнічалі ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны Аляксей Піманаў і Анатоль Нікалаеў, а таксама першы алімпійскі чэмпіён Беларусі і Гомельшчыны па веславанні на байдарках і каноэ Леанід Гейштар. Нагадаю, што сваё алімпійскае золата ён заваяваў разам з Уладзімірам Макаравым у 1960 годзе ў Рыме, у складзе зборнай СССР.

Удзельнікі 17 каманд гарадоў і раёнаў вобласці пад шатамі Палаца лёгкай атлетыкі шчыра апладыравалі салісту абласной філармоніі Аляксандру Клімцу, які выступіў з песняй “Команда молодости нашей”.
А затым пачаліся спаборніцтвы. Трэба сказаць, што наша зборная гэтым разам выступала не ў поўным складзе, ды і вынікі былі больш сціплымі, хоць гэта, зразумела, не галоўнае.

Лепшай у нашай камандзе была капаткевіцкая спартсменка Галіна Вабішчэвіч, якая была чацвёртай у спаборніцтвах па настольным тэнісе. Пяты вынік – у яе земляка Уладзіміра Талецкага. Амаль 70-гадоваму ветэрану толькі адной перамогі не хапіла, каб патрапіць у фінал спаборніцтваў па більярдзе.

У шасцёрку мацнейшых у дартсе ўвайшоў аўтар гэтых радкоў. Сёмае месца заняў шматборац з Капаткевічаў Уладзімір Вабішчэвіч, леташні бронзавы прызёр. Нашаму спартсмену не пашэнціла – у забегу на 60 метраў ён атрымаў траўму, што паўплывала на вынікі ў іншых відах мнагаборства.

Восьмы вынік паказалі петрыкаўчанін Сяргей Шпак у шахматах і Васіль Палтаран з Бабунічаў у настольным тэнісе. Дзясятым завяршыў спаборніцтвы наш 71-гадовы ветэран Мікалай Хамец з Макарычаў. Астатнія нашы ўдзельнікі былі па-за дзясяткай мацнейшых.
Аналізуючы выступленне нашай каманды на абласной спартакіядзе, хачу адзначыць, што, безумоўна, моцную зборную, якая будзе на роўных выступаць побач са спартсменамі з Гомеля, Светлагорска, Мазыра, Рагачова, сабраць у нас можна, але трэба праводзіць для гэтага раённую спартакіяду сярод ветэранаў спорту, каб выбраць мацнейшых, а значыць, усім зацікаўленым падумаць пра тое, як упісаць гэтыя спаборніцтвы ў раённы каляндар спартыўна-масавых мерапрыемстваў.

Ад імя каманды шчыра дзякую кіраўніцтву аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за фінансавую дапамогу ў арганізацыі паездкі на спаборніцтвы.

А. КАЮКАЛА