• ЛяскавічыЛяскавічы
  • Плошча горадаПлошча горада
  • РайвыканкамРайвыканкам
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
Галоўная -  Навіны -  Навіны рэспублікі

Пакет дакументаў па інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва рыхтуецца ў Беларусі

04.07.2019
4 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі рыхтуецца пакет дакументаў, які вызначыць новыя падыходы ў развіцці інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, паведаміла дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Ірына Бабачонак у час навучальнай паездкі па бізнес-інкубатарах Мінска і Мінскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Нарматыўныя прававыя акты накіраваны на мадэрнізацыю існуючай сістэмы. "На працягу бліжэйшых трох месяцаў у рэспубліцы павінны будуць з'явіцца праекты дакументаў - ад указа кіраўніка дзяржавы да ўсіх неабходных падзаконных прававых актаў, якія прапішуць новую сістэму падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва", - сказала Ірына Бабачонак.
Мінэканомікі разлічвае на актыўны ўдзел мясцовых органаў улады, грамадскасці, міжнародных экспертаў у абмеркаванні гэтай тэмы. Плануецца ўнесці змяненні ў азначэнні, якія характарызуюць інфраструктуру падтрымкі прадпрымальніцтва, адпаведныя паслугі, механізм аказання падтрымкі.
Паводле слоў Ірыны Бабачонак, існуючая сістэма дзейнічае ўжо 10 гадоў, і апошнія справаздачы аб рэалізацыі дзяржаўнай праграмы падтрымкі прадпрымальніцтва паказалі, што яна значна адстае ад патрэбнасцей бізнесу ў частцы садзейнічання і прадастаўлення бізнес-паслуг. Новая канцэпцыя прадугледжвае стварэнне цэнтралізаванай спецыялізаванай арганізацыі, якая будзе курыраваць сферу падтрымкі МСП. Яшчэ адно новаўвядзенне - пераход ад фармальнага прысваення юрыдычнай асобе статусу цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва да сістэмы сертыфікацыі бізнес-паслуг з магчымасцю атрымання фінансавай дапамогі. Да сістэмы прадугледжваецца падключыць вялікія кансалтынгавыя кампаніі, якія не з'яўляюцца на гэты час суб'ектамі інфраструктуры.
"Таксама мы гаворым аб неабходнасці памяняць погляд на бізнес-інкубіраванне, - дадала Ірына Бабачонак. - Новая сістэма прадугледжвае аналіз патрэбнасцей бізнесу, што дасць магчымасць практычна ў анлайн-рэжыме ацэньваць эфектыўнасць паслуг і аператыўна мяняць напрамкі, інструменты, спосабы, віды, формы фінансавання".
Навучальная паездка па бізнес-інкубатарах Мінска і Мінскай вобласці для прадстаўнікоў пілотных раёнаў праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі "Падтрымка эканамічнага развіцця на мясцовым узроўні ў Беларусі", што фінансуецца Еўрапейскім саюзам, праходзіць 4-5 ліпеня. Удзельнікі мерапрыемства азнаёмяцца з нацыянальнай практыкай стварэння і работы бізнес-інкубатараў, абмяняюцца вопытам. У праграме - наведванне маладзёжнага бізнес-інкубатара на базе маладзёжнай сацыяльнай службы, кампаніі EnCata, бізнес-інкубатара ЗАТ "МАП ЗАТ" у пасёлку Калодзішчы і інкубатара малога прадпрымальніцтва УП "УІН" у Рудзенску.-0-