• ГПГП
  • Плошча горадаПлошча горада
  • Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

Дзень друку – афіцыйнае свята сродкаў масавай інфармацыі

05.05.2020


Штогод 5 мая ў Беларусі сваё прафесійнае свята адзначаюць супрацоўнікі выдавецтваў, друкарняў, журналісты – усе тыя, хто тым ці іншым чынам звязаны з яго вялікасцю друкаваным словам.
Дзень друку – афіцыйнае свята сродкаў масавай інфармацыі. Чаму 5 мая? Дата для свята, як сведчаць афіцыйныя крыніцы, абрана ў гонар першага выхаду ў тыраж у 1912 годзе газеты “Праўда”. Апошнім часам у друку можна сустрэць шмат разважанняў і спрэчак наконт актуальнасці для нас, беларусаў, гэтай “прывязкі”. На постсавецкай прасторы гэты дзень захавалі за прафесійным святам толькі беларусы. Суверэннай дзяржаве, слушна заўважаюць апаненты, ёсць чым ганарыцца – беларускі друк мае значна глыбейшыя карані і нямала знамянальных дат. Напрыклад, 6 жнiўня 1517 года Францыск Скарына выдаў у Празе сваю першую кнігу. У 19 стагоддзі былі першыя спробы выпускаць перыядычныя выданні на беларускай мове – у 1861-1862 гадах выйшлі 4 нумары газеты “Гутарка двух суседзяў”, у 1862-1863 гадах выдаваліся “Гутарка” і “Мужыцкая праўда” (7 нумароў).
У пачатку 20 стагоддзя з’явіліся першыя рэгулярныя беларускія газеты – “Наша доля” і “Наша ніва”.
І вось шукаючы нацыянальную падзейную “прывязку” да дня прафесійнага свята ў інтэрнеце, натрапіла на цікавы факт: 5 мая 1581 года на Валыні, у Астрожскай друкарні Івана Фёдарава, выйшаў каляндар Андрэя Рымшы “Храналогія” на старабеларускай мове. Да кожнага месяца былі надрукаваны вершы – лічыце, маем справу з першым асобным паэтычным выданнем. Гэта быў таксама першы друкаваны каляндар славян. Такім чынам, кампраміс знойдзены: ёсць нацыянальныя друкарскія здабыткі, здзейсненыя 5 мая.
Сёння ж чалавецтва ў імкненні пазнаваць навіны ў рэжыме рэальнага часу прыдумляе ўсё новыя і новыя спосабы аператыўнай перадачы інфармацыі. Інфармацыйныя электронныя сістэмы непазбежна выходзяць на першы план. Але тым не менш, для большасці з нас папяровыя носьбіты інфармацыі не губляюць сваёй актуальнасці і запатрабаванасці. Газеты і часопісы – гэта не проста звычка ці настальгія па мінулым, гэта нешта значна большае. Тут і адмысловая сістэма зносін журналіста з чытачом: калі журналісцкаму слову вераць, бо яно служыць дабру і творчасці. І рэальны вобраз носьбіта інфармацыі, адкрытага да дыялогу, з уласным меркаваннем, жывым аўтарскім поглядам, не прыхаваны “ў сетцы” за чужым імем. Менавіта шчырыя і жыццёвыя публікацыі заўсёды знаходзяць жывы водгук у сэрцах чытачоў. І яшчэ, згадзіцеся, усё ж такі так прыемна “пашамацець” свежымі лістамі газеты, якія яшчэ пахнуць друкарскай фарбай…
Таму, сённяшніх і былых – усіх тых, хто аддаў і аддае гады свайго жыцця газеце, якая, канешне ж, стала для кожнага з нас не проста месцам працы ці радком уласнай біяграфіі, а лёсам – СА СВЯТАМ! Дзякуй вам, паважаныя калегі, за самаадданае служэнне “раёнцы”. Аднак Дзень друку – свята не толькі супрацоўнікаў рэдакцыі. Мы ўпэўнены, што яго лічаць сваім і нашы пазаштатныя аўтары. Са святам, нашы аднадумцы і заўзятары пяра.
І, вядома ж, мы віншуем са святам чытачоў “Петрыкаўскіх навін”. Усіх тых, хто любіць сваю “раёнку” і не шкадуе цёплых слоў для яе, і тых, хто шукае на яе старонках найперш недахопы і памылкі. Тых, хто чытае і чакае яе многія гады і нават дзесяцігоддзі – і тых, хто толькі да нас прыглядаецца. Хто дасылае нам лісты ці заходзіць асабіста, каб выказаць сваё меркаванне пра тыя ці іншыя публікацыі, і тых, хто “пакусвае” нас у каментарыях у сацыяльных сетках – калектыў рэдакцыі віншуе вас са святам. Няхай Дзень друку заўсёды будзе нашым агульным святам, а шчырае і вернае сяброўства нам у гэтым дапаможа.

Галіна КАЗАК