• Помнік Н.П.ЧалогаПомнік Н.П.Чалога
  • ЛяскавічыЛяскавічы
  • ГПГП
  • Плошча горадаПлошча горада
Галоўная -  Навіны -  Навіны раёна

21 лютага – дзень работнікаў землеўпарадкавальнай і картографа-геадэзічнай службы

21.02.2020


Не так часта на старонках нашай газеты мы расказваем пра будні спецыялістаў бюро па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Прафесійнае свята – выдатная для таго нагода. Тым больш, што пералік адзнак і ўзнагарод за апошнія некалькі гадоў гаворыць пра высокі прафесійны ўзровень нашых спецыялістаў.
Сёння штат Петрыкаўскага бюро Мазырскага філіяла РУП “Гомельскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры” нешматлікі. Паток дакументаў праходзіць праз спецыяліста па тэхнічнай інвентарызацыі Святлану Мяцельскую і рэгістратара нерухомасці Аляксандра Вішнявецкага. Архіварыус Тамара Браім і сістэмны адміністратар Вячаслаў Шамолаў займаюцца сваім участкам спраў. Утульнасць у памяшканнях – справа рук Веры Іванішчанка.
Бытуе памылковае меркаванне, што вырашыць справы ў бюро – працяглая і складаная працэдура. З гэтым карэнным чынам не згодная Святлана Мяцельская:
– Найбольная загружанасць у нас сезонная. Менавіта зімою многія вырашаюць заняцца справамі афармлення ўласнасці, штучна ствараючы чэргі. Але пры жаданні любую працэдуру можна здзейсніць без лішніх страт часу. Сёння на сайце дзяржаўнага камітэта па маёмасці можна знайсці алгарытм дзеянняў пры любой працэдуры, якую здзяйсняе бюро, пералік дакументаў, якія трэба сабраць папярэдне. Але пакуль мала хто прыходзіць да нас падрыхтаваным. Найперш ідуць за кансультацыяй. І мы да гэтага гатовыя. Працуем з людзьмі, дапамагаем, раім. З 2012 года агенцтвам па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры, адпаведна і іх бюро, дадзена права афармлення здзелак куплі-продажу, дарэння, мены. Такую ж паслугу аказваюць і натарыусы. Але ў бюро справа набыцця маёмасці будзе завершана працэдурай яе рэгістрацыі, у адным месцы афармленне будзе лагічна закончана. А для большай зручнасці і эстэтыкі вашы дакументы могуць заламінаваць і збрашураваць.
Апошнім часам многа спраў тычыцца некалі самавольных пабудоў, – расказвае пра свой участак работы Аляксандр Вішнявецкі. Часта звяртаюцца за тэхнічнай інвентарызацыяй дамоў, якая неабходна паўторна пры газіфікацыі. Складанае пытанне – рэгістрацыя гаражоў, якія былі пабудаваны да 1999 года, калі зямля пад іх будаўніцтва выдзялялася па-за гаражнымі кааператывамі. Кожнаму свайму кліенту мы нагадваем пра неабходнасць дакладна кіравацца праектнай дакументацыяй пры будаўніцтве ці тэхнічным пашпартам на існуючую маёмасць, бо неадпаведнасць ім ці парушэнне нормаў градабудаўніцтва прыводзіць, на жаль, да значных штрафаў. За апошнія некалькі гадоў калектыў бюро быў адзначаны шэрагам узнагарод. Святлане Мяцельскай была ўручана Грамата Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Вішнявецкі і Алена Талстунова (цяпер яна не працуе ў бюро) у розныя гады былі пераможцамі ў абласным конкурсе “Лепшы па прафесіі”. Але ўзнагароды для іх – не галоўнае. У прыярытэце – аўтарытэт службы, прызнанне кліентамі прафесіяналізму спецыяліста.